Жэўжык, Дамавуха, Спарыш — для некаторых гэтыя словы гучаць як іншаземныя, і зусім незразумела, што яны абазначаюць. Але не для шаснаццацігадовай Марыі Шульскай. Дзяўчына сама вывучыла міфалогію Беларусі і арыентуецца ў ёй лепей за многіх. Марыя нарадзілася ва Украіне і большую частку свайго жыцця пражыла менавіта ў невялічкім горадзе Бярозаўка (Адэская вобласць), які па маштабах і колькасці насельніцтва можна параўнаць з Камянцом. Пра Беларусь дзяўчынка тады яшчэ нічога не ведала, апроч таго, што гэта адна з былых рэспублік СССР. А зараз яна называе гэту краіну сваёй яшчэ адной радзімай. Марыя амаль самастойна вывучыла беларускую мову, пазнала беларускую міфалогію і збіраецца выдаць «Буквар Дамавухі», які праз нацыянальных міфалагічных істот будзе знаёміць дзетак з алфавітам.

— Я пачала цікавіцца беларускай культурай, вырашыла даведацца, што гэта за краіна і чым людзі тут дыхаюць. Вядома ж, стала даведвацца пра гэта ў сваіх аднагодкаў, аднакласнікаў, сяброў і знаёмых. І была вельмі здзіўлена. Выявілася, што яны не цікавяцца ні сваёй культурай, ні сваім народам. Яны ведаюць беларускую мову, але не размаўляюць на ёй, не чытаюць беларускіх казак і твораў, аддаючы перавагу рускамоўным кнігам. І я падумала: што б зрабіць такога карыснага для Беларусі, каб дапамагчы яе жыхарам — не дарослым, а дзецям — лягчэй зразумець беларускую культуру, прыйсці да яе? — расказвае дзяўчына.
Неяк у бібліятэцы ёй трапіўся звычайны буквар — амаль такі, які калісьці быў у яе маленстве.
— Там быў намаляваны той жа барабан і мяч, толькі словы былі напісаныя не ўсюды так, як у маім буквары. І я падумала: чаму б і не?! Чаму б не зрабіць буквар з беларускімі міфалагічнымі істотамі? Мне вельмі спадабалася міфалогія Беларусі. Я не ведала, што яна такая багатая. Вырашыла, што і беларусы таксама павінны гэта ведаць. Хочацца, каб яны любілі беларускую мову, чыталі на ёй, размаўлялі і падтрымлівалі культуру Беларусі.
Тэкст для буквара на беларускай мове Марыя напісала сама. Здзіўляе не толькі тое, што цяпер дзяўчына арыентуецца ў міфалогіі настолькі добра, што змагла ўсе свае веды перакласці на старонкі кнігі, але і той факт, што тэкст напісаны на беларускай мове.
— Гэта нядрэнна, што ў Беларусі дзве мовы. Гэта камфортна. Мы выбіраем, на якой з іх размаўляць. Але разам з гэтым мы губляем беларускую мову, таму што людзі аддаюць перавагу рускай. Беларуская мова страчваецца. Я зараз не ідэальна ведаю беларускую мову. Але магу пагутарыць з чалавекам, адказаць яму на СМС, ведаю некаторыя вершы на беларускай мове і чытала кнігі айчынных аўтараў: Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Танка, Кандрата Крапівы, Янкі Брыля, Максіма Багдановіча… На мяне нават дзіўна глядзелі аднагодкі: маўляў, я з Украіны, а чытаю кнігі на беларускай мове.
Марыя не толькі сама піша тэксты да сваёй кнігі, але і малюе ілюстрацыі. Займацца букваром яна пачала ўсяго тры месяцы назад. Нядаўна яе праект стаў адным з прызёраў Брэсцкага рэгіянальнага этапу рэспубліканскага конкурсу «100 ідэй для Беларусі». Ужо напісаны тэкст да кнігі і намаляваны амаль усе ілюстрацыі. Але, калі выйдзе кніга, пакуль што сказаць нельга. Бо яе дзяўчына робіць не дзеля фінансавай выгады, а абсалютна бескарысліва для маленькіх жыхароў Беларусі. І ў 16-гадовай дзяўчыны, натуральна, няма такіх сродкаў, каб выпусціць друкаваную прадукцыю. Гэту частку нялёгкага пытання яна яшчэ будзе вырашаць. Але, калі хто-небудзь хоча дапамагчы дзяўчыне, можаце звярнуцца да аўтара тэксту, напісаўшы на электронную пошту sweta_yacenyuk@tut.by, і мы падкажам кантакты Марыі. Можа, менавіта дзякуючы вашай дапамозе хутка ў крамах краіны з’явіцца беларускамоўны буквар.













