Дзеці міру жывуць на Кобрыншчыне

Нараджэнне дзіцяці – шчаслівая падзея, якой заўсёды радуюцца бацькі, сваякі і блізкія людзі. Ёсць дзеці, якія воляй лёсу з’яўляюцца на свет у значныя святы. Ганаровы спіс нованароджаных, якія з’явіліся на свет у Дзень міру, сёлета папоўніўся імёнамі пяці маленькіх кабрынчан – чатырох хлопчыкаў і адной дзяўчынкі.

Дзеці міру жывуць на Кобрыншчыне

Шчаслівымі бацькамі сталі Вера і Юрый Берашэвіч з вёскі Брылёва, у якіх нарадзіўся сын Сямён, і Алена Воран з вёскі Зосіна, якая стала мамай для маленькага Матвея. Таксама маленькія  міратворцы  з’явіліся на свет у  шматдзетных сем’ях Ірыны і Анатолія Ігнацюк, Святланы і Уладзіміра Тунчык з Кобрына і Таццяны і Уладзіміра  Сальянчук  з аграгарадка Дзівін.

Дзеці міру жывуць на Кобрыншчыне

Калі немаўляты трохі адужэлі і падраслі, іх з бацькамі запрасілі на ўрачыстую цырымонію, якая прайшла 5 кастрычніка ў аддзеле ЗАГС Кобрынскага райвыканкама. Пакуль дзеці мірна спалі на руках у сваіх матуль, да  маладых бацькоў з віншаваннямі звярнуўся старшыня Кобрынскай раённай арганізацыі ГА «Беларускі фонд міру» Валянцін Трубчык. Ён пажадаў мамам і іх дзецям здароўя і шчасця пад мірным небам і ўручыў сертыфікаты «Дзіця міру». З прамовай  да маладых сем’яў выступіў клірык Свята-Аляксандра-Неўскага кафедральнага сабора  іерэй Мікалай Качурка, які пажадаў, каб сімвалічны статус стаў дзецям напамінам аб тым, што яны нарадзіліся ў спакойнай, мірнай краіне і іх місія ў будучыні – рабіць усё, каб яна такой заставалася.

Вера і Юрый Берашэвіч і іх нованароджаны сын Сямён – уладальнік статусу “Дзіця міру”.

Варта адзначыць, што за гады правядзення акцыі на Кобрыншчыне нарадзіліся і атрымалі міратворчыя пасведчанні 30 дзяцей, якія  ў будучым працягнуць справу сённяшніх міратворцаў: будуць прапагандаваць мір, сяброўства і згоду, увасабляць у жыццё ідэі міласэрнасці і гуманізму.

Жанна ЕЛІЗАРАВА, «КВ»

НА ЗДЫМКУ аўтара: Вера і Юрый Берашэвіч і іх нованароджаны сын Сямён – уладальнік статусу “Дзіця міру”.