logo
logo
logo
logo
logo

Каб жыла памяць…

У далёкім, але незабыўным 41-м годзе, калі наша краіна сутыкнулася з фашысцкай навалай, менавіта пагранічнікі прынялі на сябе першы і самы страшны ўдар. У славу тых, хто загінуў і ў імя жывых у аг. Дзівін прыбыла Міжнародная “Эстафета Перамогі”, якая ў гонар 75-й гадавіны Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне праходзіць па тэрыторыі  ўздоўж граніц дзяржаў-удзельнікаў СНД. У руках удзельнікаў эстафеты – мініяцюрны пагранічны слуп, сімвал пагранвойскаў.

Дзівін Міжнародная Эстафета Перамогі

– Эстафета праводзіцца Саветам камандуючых Пагранічнымі войскамі дзяржаў-удзельнікаў СНД і стартавала 5 лютага адначасова з Брэста і Мурманска, – расказвае старшы эстафетнай групы палкоўнік Кірыл Кіндзель. – Акцыя мае на мэце ўвекавечанне памяці воінаў-пагранічнікаў, а таксама ўмацаванне адзінства і сяброўства паміж народамі дзяржаў-удзельнікаў СНД.

Дзівін прыбыла Міжнародная “Эстафета Перамогі”

Ва ўрачыстай абстаноўцы удзельнікі эстафеты, прадстаўнікі ўлады, праваслаўнага духавенства і моладзі ўсклалі вянкі да абеліска савецкім воінам і партызанам, загінулым падчас Вялікай Айчыннай вайны. Як падкрэсліў намеснік старшыні райвыканкама Валянцін Трубчык, такія мерапрыемствы патрэбны перш за ўсё нашай моладзі – нашчадкам тых, хто ў свой час падарыў нам Перамогу.

Дзівін прыбыла Міжнародная “Эстафета Перамогі”

Беларусы, як ніхто іншы, ведаюць, што такое вайна, – адзначыў Валянцін Васільевіч. – Мы ведаем Дальву, Хатынь, суседнюю вёску Барысаўка і сотні іншых населеных пунктаў, якія былі спалены разам з жыхарамі, Дзівінскае і Кобрынскае гета, мы помнім пра 13 тысяч загінулых на Кобрыншчыне. Для таго, каб гэта не паўтарылася, аб усім гэтым патрэбна помніць – і менавіта гэтую задачу выконваюць такія мерапрыемствы.

Дзівін прыбыла Міжнародная “Эстафета Перамогі”

На плошчы каля Дома культуры разгарнулася маштабнае відовішча – перад жыхарамі аграгарадка і ўдзельнікамі эстафеты выступіў аркестр Пінскага пагранічнага атрада, пасля чаго пагранічнікі прадэманстравалі навыкі фізічнай падрыхтоўкі і рукапашнага бою. Шмат эмоцый выклікала выступленне кінолага са служэбным сабакам. Усе жадаючыя маглі падсілкавацца салдацкай кашай і гарачым чаем.

Дзівін прыбыла Міжнародная “Эстафета Перамогі”

Перадача эстафеты ФСБ Расійскай Федэрацыі адбудзецца 18 лютага на стыку граніц Беларусі, Расіі і Латвіі на полацкай зямлі. Завяршыцца акцыя у Дзень пагранічніка, 28 мая ў Маскве на Паклоннай гары з удзелам кіраўнікоў дзяржаў СНД.

Дзмітрый БЯЛОЎ,  «КВ»

Фота Дзмітрый БЯЛОЎ: цырымонія ўскладання вянкоў да абеліска савецкім воінам і партызанам, загінулым падчас Вялікай Айчыннай вайны, у аграгарадку Дзівін; выступленне байцоў Пінскага пагранатрада.