Краіна добрых сэрцаў. 25-гадовы юбілей Кобрынскай дзіцячай вёскі

13 снежня  2019 года дзяржаўная сацыяльна-педагагічная ўстанова адукацыі «Кобрынская дзіцячая вёска» адзначыла свой 25-гадовы юбілей.

Павіншаваць калектыў установы са святам у Кобрынскім Палацы культуры сабраліся больш за 300 чалавек, сярод якіх прадстаўнікі ўлады, кіраўнікі прадпрыемстваў, сябры, спонсары, шэфы і многія неабыякавыя людзі. Перад пачаткам урачыстасці кожны мог пазнаёміцца з дзейнасцю дзіцячай вёскі дзякуючы жывой прэзентацыі, якая разгарнулася ў выставачнай зале. Сцены залы ўпрыгожвалі фотаздымкі дзяцей, што здабылі ў вёсцы новую сям’ю і бацькоў. Фотаальбомы красамоўна распавядалі пра насычанае і цікавае жыццё выхаванцаў. Прыцягвалі ўвагу выстава дзіцячай творчасці і кэндзі-бар, якія адлюстроўвалі разнастайныя захапленні выхаванцаў і выхавальнікаў. Самыя маленькія выхаванцы знайшлі занятак па душы на дзіцячай пляцоўцы з цацкамі ад СТАА «ВП Палессе». Ва ўтульнай, па-хатняму цёплай атмасферы юбіляры прымалі гасцей і выпускнікоў, якія прыехалі да іх з розных куткоў краіны і замежжа.

Двадцатипятилетие Кобринской детской деревни

Як заўважыў падчас урачыстай праграмы начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Юрый Прасмыцкі, за чвэрць стагоддзя каля 400 дзяцей знайшлі ў дзіцячай вёсцы сям’ю, любоў, пяшчоту, яна стала для іх школай сапраўднага сямейнага выхавання. Да віншаванняў далучыліся намеснік старшыні Кобрынскага райвыканкама Валянцін Трубчык, старшыня Кобрынскага раённага Савета дэпутатаў Іван Даўжук і іншыя госці.
Рознакаляровыя пялёсткі чароўнай кветкі-вясёлкі дапамаглі гасцям свята даведацца аб мінулым і сучасным жыцці ўстановы. Прысутныя перанесліся ў далёкі 1994 год, калі пад кіраўніцтвам Мікалая Васілеўскага адбылося адкрыццё першых 6 дамоў. З таго дня і да цяперашняга часу пуцёўку ў жыццё тут атрымалі 195 выпускнікоў, 93 з іх стварылі свае сем’і. Практычна ўсе яны пачалі самастойнае жыццё з вучобы ў вышэйшых ці прафесіянальна-тэхнічных установах.

Ва ўстанове падтрымліваюць сямейныя сувязі: за гады існавання вёскі 152 дзіцяці з 41 шматдзетнай сям’і атрымалі магчымасць выхоўвацца разам са сваімі кроўнымі братамі і сёстрамі. Па магчымасці, калі гэта не супярэчыць інтарэсам дзяцей, наладжваюцца кантакты з іх біялагічнымі бацькамі і сваякамі.

Двадцатипятилетие Кобринской детской деревни

З выпускнікамі, якіх з кожным годам становіцца ўсё больш, праводзіцца шэраг мерапрыемстваў па навучанні заканадаўчым асновам, каб яны ведалі свае правы і маглі карыстацца сацыяльнымі гарантыямі. Гарантыі, безумоўна, ёсць. Гэта поўнае дзяржаўнае забеспячэнне на перыяд вучобы, потым – працаўладкаванне, забеспячэнне жыллём, прапіска. Але самая галоўная гарантыя –
права на любоў, якая патрэбна чалавеку ў любым узросце. З 97 хлопчыкаў і дзяўчынак, што пражываюць у дзіцячай вёсцы сёння, толькі 2 – круглыя сіроты, і гэта несуцяшальная прыкмета нашага часу, калі пры жывых бацьках дзеці вымушаны жыць за межамі бацькоўскага дома. Сапраўдны дом для іх усё-такі тут. Выпускнікі нават праз гады наведваюць вёску свайго дзяцінства, не губляючы гэтую каштоўную нітачку-сувязь з месцам, дзе набылі сям’ю. Вяртаюцца сюды на канікулы, калі за-хварэлі ці проста засумавалі. І на свята прыехалі, каб сказаць словы ўдзячнасці за сваё шчаслівае дзяцінства, якое ім некалі вярнулі тыя, хто стаў ім сапраўднымі матулямі. А матулі Наталля Чакала, Вольга Дзяркач, Ірына Смальцар, Земфіра Дзямакіна, Інга Нарваткіна, Ірына Свірыд, Галіна Піліпчук, Таццяна Травіна, Ала Прылуцкая, Ганна Семянюк і іншыя, якія знайшлі ў сваіх сэрцах месца для кожнага, шчыра віталі іх на парогах сваіх дамоў.

Двадцатипятилетие Кобринской детской деревни

Многія супрацоўнікі дзіцячай вёскі атрымалі на свяце ўзнагароды рознага ўзроўню. Але высакародная місія гэтых людзей вымяраецца не гэтым, а ўсмешкамі дзяцей, якім тут вярнулі шчаслівае дзяцінства і будучыню.

Жанна ЕЛІЗАРАВА, «КВ»