Сяргей Чалей прадэманстраваў свае вырабы з лазы

Сяргею Чалею ўсё жыццё было не да сябе – работа галоўным інжынерам у ААТ “Астромічы” адбірала многа часу. Нягледзячы на занятасць, ён усё роўна знаходзіў занятак сваім працавітым рукам.

Сергей Чалей, Кобрин

Сяргей Мікалаевіч прадэманстраваў мне свае вырабы. Лазовыя карабы, падстаўкі, вазы, падносы, цукерніцы хутка запоўнілі столік у такой жа прыгожай лазовай альтанцы ў двары дома, якую ён зрабіў даўно. “Змагацца” з лазой яму падабаецца.

– У дзяцінстве плёў кошыкі для бульбы, гэтаму мяне навучыў бацька – ён быў добрым майстрам, — заўважае субяседнік.

Неяк на вочы Сяргею Мікалаевічу трапілі відэаўрокі пляцення з лазы. І ажыла дзіцячая мара. Закралася пытанне: “Ці ж я так не змагу?”. У хуткім часе Сяргей Мікалаевіч адправіўся на бліжэйшае балота па лазу.

— Усё аказалася не так проста, – працягвае майстар. — Апрацоўка гэтага прыроднага матэрыялу вельмі складаная, не ўсе галінкі падыходзяць. Збіраць іх трэба восенню або зімой. Пасля збору неабходна зняць кару, добра выварыць галіны, і толькі тады працаваць. У час работы дрэва трэба пастаянна мачыць – сухое яно не паддаецца апрацоўцы. Праз доўгія гадзіны працы гатовы выраб пакрываецца лакам – у залежнасці ад колеру ён можа быць ад светла-саламянага да самых цёмных адценняў.

Нічога не атрымалася б без вялікага жадання, імпэту і цярпення. Увесь вольны час майстар праводзіць за работай, зімой гатовы сядзець да позняй ночы. Спачатку Сяргей Мікалаевіч майстраваў карзіны на Вялікдзень, пайшлі больш складаныя вырабы. Напрыклад, на кораб пад хлеб ідзе каля шаснаццаці гадзін.

Дома знаходзіцца не ўвесь асартымент таленавітага майстра, большасць з іх пераехала да дачкі ў Пінск. Акрамя кухоннага начыння дачцэ быў сплецены кораб для бялізны. У якасці падарункаў знаёмым і сябрам ён робіць сувеніры.

Рукі прагнуць работы не толькі з лазой. Для школы, а зараз ён працуе ў Астроміцкай СШ, Сяргей Чалей змайстраваў цэлы дзіцячы гарадок з дрэва. Арэлі, лабірынт і іншыя кампазіцыі ўпрыгожваюць школьны дом. Не ўсе задумкі пакуль здзейснены – ёсць ідэя змайстраваць драўляны аўтобус.

Як заўважае Сяргей Мікалаевіч, хочацца таксама зрабіць вялікае і ўтульнае крэсла-качалку, дзе можна будзе адпачыць пасля працоўнага дня.

Людміла ПАШКОВІЧ, «КВ»

НА ЗДЫМКУ аўтара: Сяргей Чалей дэманструе свае лазовыя вырабы.